БІЯГРАФІЯ

Алесь Уладзіміравіч Дуброўскі нарадзіўся 18 лістапада 1976 года ў Навагрудку. У 1993 годзе скончыў з залатым медалём сярэднюю школу № 137 г. Мінска і паступіў на аддзяленне беларускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. БДУ скончыў у 1998 г., атрымаўшы дыплом з адзнакай і ступень бакалаўра гуманітарных навук. У 1999 годзе, скончыўшы магістратуру па спецыялізацыі «Літаратуразнаўства», атрымаў ступень магістра гуманітарных навук. Наступныя тры гады вучыўся ў аспірантуры па кафедры тэорыі літаратуры БДУ. 14 лістапада 2003 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю па спецыяльнасцях «Беларуская літаратура» і «Тэорыя літаратуры. Тэксталогія» на тэму «Паэтыка Рыгора Барадуліна: рытмічная арганізацыя верша». У 2007 г. атрымаў вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «Літаратуразнаўства».
Другая адукацыя А. Дуброўскага – тэалагічная. Скончыў вячэрняе аддзяленне Тэалагічнага інстытута Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь, атрымаўшы дыплом з адзнакай і ступень бакалаўра хрысціянскага служэння.
Працаваў у рэдакцыі часопіса маладых літаратараў Беларусі «Першацвет». Выкладаў беларускую мову і літаратуру ў сярэдняй школе. Выкладаў і быў загадчыкам вячэрняга аддзялення ў вышэйшай духоўнай навучальнай установе «Тэалагічны інстытут Саюза хрысціян веры евангельскай у Рэспубліцы Беларусь». Працаваў дацэнтам на кафедры журналістыкі прыватнай установы адукацыі «Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва». Зараз дацэнт кафедры стылістыкі і літаратурнага рэдагавання Інстытута журналістыкі БДУ.


Пазнаёмься з народам

На галоўную старонку

Напішыце мне

Hosted by uCoz
Hosted by uCoz