Паэма: крытыка тэорыі
Найноўшыя падручнікі і дапаможнікі па ўводзінах у літаратуразнаўства і тэорыі літаратуры захоўваюць маўчанне адносна жанру паэмы (выключэнне – энцыклапедычныя крыніцы, якім маўчаць наконт “прамацеры сучасных літаратурных жанраў” ніяк не выпадае). Такое маўчанне нельга растлумачыць нібыта зразумеласцю пытання. Зразумеласць была ў залатыя часы Б. Тамашэўскага, які ў сваім класічным падручніку “Тэорыя літаратуры. Паэтыка” змог стварыць уражанне поўнай тэарэтычнай ідыліі: “Паэмы падзяляюцца на фабульныя – эпічныя і бясфабульныя – дэскрыпцыйныя (апісальныя) і дыдактычныя”. І далей: “Пачатак XIX ст. сведчыць пра канец класічнай паэмы. <…> Дыдактычныя і апісальныя паэмы, якія дажылі да канца XIX ст., з’яўляюцца папярэднікамі “рамантычнай” паэмы. <…> Час культывіроўкі рамантычнай паэмы быў нядоўгім…” Вось амаль уся тэорыя Тамашэўскага. Але ж у час напісання згаданага падручніка існавалі паэмы, якія ў гэтую ідылію ніяк не ўпісваліся. Таму да агульнай акадэмічнай канцэпцыі дадаецца вось такі “хвост”: “Новыя паэмы… імкнуцца… да аслаблення фабульнага элементу, да фрагментарнасці, лірычнага разгортвання”. Больш ніякага тэарэтычнага тлумачэння жанравай сутнасці гэтых “новых паэм” не даецца.
Ад ідылічнай даўніны пяройдзем да сучаснасці. Артадаксальная канцэпцыя сцвярджае, што паэма – гэта ліра-эпічны твор, вершаваны, вялікі па аб’ёме. Фактычна, кожнае слова ў гэтай традыцыйнай фармулёўцы выклікае пытанні. Па-першае, аб’ём у сучаснай жанралогіі не разглядаецца ў якасці сур’ёзнага жанравызначальнага фактару. І дзе мяжа паміж “малой” і “вялікай” формай? Па-другое, існаванне паэм у прозе выклікае ў тэарэтыкаў раздражненне. Да гонару асобных беларускіх навукоўцаў трэба сказаць, што яны больш спакойна ставяцца да названай жанравай разнавіднасці. Так, В. Рагойша не бярэ адпаведны тэрмін у двукоссе і не паўтарае іранічных інтанацый, якія іншым часам суправаджаюць гаворку пра паэму ў прозе (адзін з прыкладаў такой інтанацыі ў “Літаратурнай энцыклапедыі тэрмінаў і паняццяў” пад рэдакцыяй А. Нікалюкіна: “Савецкія пісьменнікі … уключалі слова “паэма”… у загалоўкі сваіх твораў дзеля “павышэння” іх гучання”). Нарэшце, разуменне паэмы як ліра-эпічнага жанру…
Сапраўды, у літаратуры існуюць так званыя міжрадавыя формы, а ліра-эпічная паэма называецца як адна з іх. Аднак ліра-эпічная паэма – гэта сёння кропля ў моры, а між тым, некаторыя літаратуразнаўцы пераносяць сваё разуменне ліра-эпічнай паэмы на паэму ўвогуле. Калі ж гэтыя літаратуразнаўцы пачынаюць гаварыць пра змест, то звужэнне паняцця робіцца зусім відавочным. Вось што напісана ў “Слоўніку літаратуразнаўчых тэрмінаў” М. Лазарука і А. Ленсу: “Паэма пазбягае падрабязных апісанняў жыцця, побыту, яна ўздымаецца над паўсядзённасцю, шукае ў жыцці гераічнага, узвышана-паэтычнага…” Ну, тады “Новая зямля” ніякая не паэма!
“Слоўнік літаратуразнаўчых тэрмінаў” Л. Цімафеева і С. Тураева дае класічны прыклад “артадаксальнага” разумення паэмы. Немагчыма не прывесці некалькі фармулёвак з гэтага слоўніка, якія выклікаюць асаблівае здзіўленне. Так, паэма трактуецца тут як “твор з сюжэтна-апавядальнай арганізацыяй”. І гэта пры тым, што ужо далёка не ўчора ўзніклі паэмы, у якіх сюжэтна-апавядальная арганізацыя або зусім адсутнічае, або існуе ў якасці рудыменту ці факультатыўнай адзнакі. Далей, названы слоўнік атаясамлівае паэму з апавяданнем ці аповесцю ў вершах. Дык можа, апошнія два тэрміны наогуле непатрэбныя ў літаратурнай класіфікацыі?
Больш новыя энцыклапедычныя крыніцы дэманструюць цікавую і вельмі паказальную эвалюцыю “артадаксальнай канцэпцыі”, а па сутнасці, з’яўляюцца сведчаннем яе вычарпанасці.
“Літаратурны энцыклапедычны слоўнік” 1987 года выдання змяшчае наступнае вызначэнне: “Паэма – буйны вершаваны твор з апавядальным або лірычным сюжэтам. Паэмай называюць таксама старажытную і сярэднявечную эпапею…” Тут ужо сюжэтнасць паэмы не атаясамліваецца з апавядальнасцю. Сцвярджаецца, што сюжэт можа быць і лірычным. Гэта крок наперад! Толькі чаму ён быў зроблены праз шмат дзесяцігоддзяў пасля напісання лірычных паэм М. Цвятаевай, У. Маякоўскага, Г. Ахматавай?.. Другі працытаваны сказ таксама вельмі важны. Маецца на ўвазе, што калі мы называем паэмамі “Іліяду” і “Адысею”, то само слова “паэма” выкарыстоўваецца тут у нейкім іншым сэнсе, чым калі мы кажам пра сучасныя паэмы (“…называюць таксама…”).
І зусім цікавы змест мае адпаведны артыкул у “Літаратурнай энцыклапедыі тэрмінаў і паняццяў” пад рэдакцыяй А. Нікалюкіна (2003 г.). Тут ужо аўтар артыкула – С. Кармілаў – ставіць крыж на артадаксальнай канцэпцыі, хаця і застаецца ў яе межах. Крыж гэты мы бачым у самім вызначэнні: “Паэма – у сучасным разумені усялякі вялікі ці сярэдні па аб’ёме вершаваны твор”. Вось так! Поўнае адмаўленне ад спроб увесці ў вызначэнне жанру нейкія зместавыя характарыстыкі. А гэта значыць, што вызначэння няма! Гэта азначае смерць канцэпцыі.
Нарэшце, першае месца па загадкавасці займае тэкст у “Беларускай энцыклапедыі”: “Цеснае спалучэнне падзейнага (эпічнага) і эмацыянальнага (лірычнага) планаў вызначае ліра-эпічны характар паэмы як асноўную яе жанравую разнавіднасць; перавага эпічных ці лірычных уласцівасцей дыктуе адпаведна эпічны або лірычны яе жанр”. Асноўная думка зразумелая, але сам “граматыка-стылістычны лад” фразы робіць яе нейкім рэбусам, у якім сталыя тэарэтыка-літаратурныя катэгорыі перамешваюцца надзвычай мудрагеліста: ліра-эпічны характар – асноўная жанравая разнавіднасць (?); перавага… уласцівасцей дыктуе… эпічны або лірычны жанр. Што тут жанр, што жанравая разнавіднасць, што такое “асноўная жанравая разнавіднасць”?.. Між тым, пры менш мудрагелістай фармулёўцы менавіта падобны падыход можа быць найбольш прымальным. Сапраўды, што калі называць жанрам не паэму, а канкрэтна: эпічную паэму, ліра-эпічную паэму, лірычную паэму, драматычную паэму? Бо жанр належыць нейкаму роду (эпас, лірыка, драма), а міжрадавыя формы – толькі прыватны выпадак. Жанравымі разнавіднасцямі тады варта называць бурлескна-травесційную паэму, героіка-патрыятычную, сацыяльна-бытавую, філасофскую, сатырычную і г.д. Само ж слова “паэма”, сапраўды, сёння ўжо ўказвае проста на “вялікую ці сярэднюю” вершаваную форму.
Што ж рабіць з паэмамі ў прозе? Як ужо было сказана, да іх у артадаксальнай канцэпцыі стаўленне нейкае несур’ёзнае. Называнне такіх твораў паэмамі тлумачыцца як пераноснае. Гэтае слова, як кажа С. Кармілаў, ужываецца ў такім разе ў “пазажанравым” значэнні. У “Беларускай энцыклапедыі” крытэрыем семантычнага пераносу называецца “высокая паэтычнасць адлюстравання” (яшчэ адзін рэбус!). Тамсама гаворыцца пра тое, што называнне празаічных твораў паэмамі дыктуецца “адвольнымі аўтарскімі асацыяцыямі, што не маюць адносін да жанравай характарыстыкі твора”. Адкуль жа, прабачце, бяруцца гэтыя асацыяцыі, калі яны не маюць адносін да жанравай сутнасці?
Урэшце, можна прытрымлівацца выкладзенай вышэй артадаксальнай канцэпцыі, калі пераадолець яе недасканаласці, а лепей сказаць – крызіс. Але можна паспрабаваць, зыходзячы не з тэарэтыка-літаратурнай традыцыі, а з наяўнага літаратурнага працэсу, сфармуляваць нейкую больш адэкватную канцэпцыю.
Калі не адмаўляцца ад той думкі, што само слова “паэма” можа называць літаратурны жанр, пэўны інварыянт і для лірычных, і для ліра-эпічных, і для драматычных паэм, і для паэм у прозе, то сёння варта і вершаваную форму, і апавядальнасць лічыць факультатыўнымі прыкметамі паэмы. Зыходзіць жа трэба з лірычнай логікі разгортвання зместу. Для вызначэння паэмы трэба асноўным крытэрыем абраць адрозненне паміж малой і вялікай (не па аб’ёме, а менавіта па логіцы разгортвання зместу!) лірычнымі формамі. У малой форме (лірычны верш) змест адлюстроўвае развіццё адной думкі, аднаго пачуцця, настрою, або нават не развіццё, а статыку. У вялікай лірычнай форме мы бачым поліфанічную, складаную дынаміку пачуццяў, настрояў, думак. Паколькі мы ідзём ад лірыкі, нам могуць запярэчыць, што сюды не ўпісваецца вершаваны эпас. Але ён не ўпісваўся і ў артадаксальную ліра-эпічную канцэпцыю, бо ў цімафееўскім слоўніку чытаем: “Часам да паэм залічваюць і творы старажытнай і сярэднявечнай эпічнай паэзіі: “Іліяду”, “Адысею”, “Энеіду”, “Песню пра Нібелунгаў” і інш., але яны, па сутнасці, валодаюць ужо асаблівымі жанравымі прыкметамі”. Такім чынам, паходжанне паэмы ад старажытнага вершаванага эпасу, якое пастуліруецца, не павінна зацямняць той факт, што сучасны літаратурны працэс выяўляе менавіта лірычную сутнасць паэмы.
Менавіта такая канцэпцыя дазваляе ўбачыць інварыянт паэмы як жанру, захоўвае сам тэрмін для абазначэння жанру (і робіць яго дастатковым і паўнавартасным), дазваляе абсалютна сур’ёзна, без усялякіх семантычных пераносаў гаварыць пра паэмы ў прозе, што ў сённяшнім літаратурным кантэксце проста неабходна.
E-mail: dubrovski@list.ru
 

Hosted by uCoz